Лідзія Полазава
Родная мова
Вы паслухайце родную мову:
Жаўруковаю песняй звініць…
Колькі фарбаў, адценняў у слове!
Як пявуча ліецца-гучыць!
Васількамі, рамонкамі шэпча
У квяцістых, раздольных лугах.
Гулкім рэхам гамоніць у зарэччы,
Салаўінаю трэллю ў гаях.
То шчымліва, журботна галосіць,
То вясёлкай над борам плыве.
Так у госці ласкава запросіць,
Так бяседу гасцінна вядзе!
Хай жа іскрыцца сонцам вясеннім,
Спелым коласам нівы шуміць!
У карагодзе кружыць вясельным
Веру, мова мая – будзе жыць!
Мілагучная і ласкавая!
Не згубілася ў цемры вякоў.
Мой святы пасаг, мая спадчына –
Мова родная, мова бацькоў!
****
Будзе слоту абвяшчаць прагноз,
Лістабой учыніць ператруску.
Песьняй, што расчуліла да сьлёз
Я прыму цябе па-беларуску.
Краю бесславёнага дачка,
Дзякуй лёсу, маю не ў нагрузку —
Зорны крыж Мацея Бурачка…
Ты ўва мне прызнаеш беларуску?
Сто разоў шукай другой красы,
А тым больш што сьвет даўно ня вузкі!
…Ды калі ты не бязродны сын —
Гавары са мной па-беларуску!
Час — вар’ят, шалёнае таксі.
Толькі ўсё ж ня мысьлю я аб спуску.
Кажаш, што магілы зарасьлі?
Памаўчы са мной па-беларуску.
Яўгенія Янішчыц
Мова
Н.С.Гілевічу
Чую тваю жаўруковую музыку
Ў скошаных травах мурожных,
Мова! Як сонца маё беларускае,
Ты свецішся словам кожным.
Цябе і заворвалі, і закопвалі.
I ўсё ж нашы продкі праз гора
Данеслі да нас цябе, родную, цёплую,
Жывую і непаўторную.
I калі ты мяне толькі паклічаш,
Памру за цябе без енку.
Нашу я любоў да цябе вялікую
У сэрцы сваім маленькім.
Парады бацькам, ці вучымся разам з дзецьмі размаўляць па-беларуску
Вершы пра маму
Вершы для дзяцей
Гульні-карагоды для маленькіх
Беларускія народныя казкі
Пагуляем разам
Рыхтуемся да Калядаў
Зімовыя вершы
21 лютага — ДЗЕНЬ РОДНАЙ МОВЫ