Все новости Контакты

Уладзімір Мацвеенка:

Пасмяёмся разам

Косіць сена кашалот, 
Паляцеў да зор янот. 
Гэта праўда,ты мне вер, 
А не верыш — дык правер. 
Калі я сказаў не тое, 
Пасмяёмся мы абое… 

Кіт малоціць на таку, 
Меле кракадзіл муку. 
Гэта праўда, ты мне вер, 
А не верыш — дык правер. 
Калі я сказаў не тое, 
Пасмяёмся мы абое. 

Бегемот палез на дах, 
Едзе жаба на каньках. 
Гэта праўда, ты мне вер, 
А не верыш — дык правер. 
Калі я сказаў не тое, 
Пасмяёмся мы абое… 

Апранаемся!

Паглядзіце за вакно – восень там стаіць даўно! 
Нам надвор’е ні па чым – апранацца мы бяжым. 
Калі дзьме халодны ветрык – апранаем цёплы швэдрык. 
Ўсім на вуліцу ахвота — дружна абуваем боты. 
Каб з прастудай не хадзіць, трэба шалік закруціць, 
Дожджык капаць пачынае – тут жа шапкі надзяваем, 
Стыне ў лужыне вадзіца – нацягнулі рукавіцы! 
Апрануліся? А хто не ўзгадаў пра паліто? 
Зачыняем дзверы ў дом – і на вуліцу бягом! 

Алена Церашкова 

Анатоль Івашчанка: Яна варыць суп

Кідаем бульбу ў рондаль – 
буль! – 
булькае бульба ўсё роўна, 
быццам маленькая бомба. 
Кіпень бурчыць і вуркоча, 
вымкнуць з-пад накрыўкі хоча. 

Зробім паменей агеньчык – 
чык! – 
солькі крыху дададзім. 
Роўненька столькі 
кінема солькі, 
каб было досыць усім. 

Мама, дачысьці цыбульку! 
Вочкі баляць у дачулькі. 
Хуценька, мама, іначай 
вочка ў дачулькі заплача! 

Дзякуй, матуля! Цяпер жа 
дробна цыбульку парэжам, 
сальцам патэльню змажам. 
Будзем цыбулечку смажыць! 

Кінем у рондаль цыбульку – 
булькне ня горай за бульбу. 
Ўсыпем грыбкоў, зеляніну… 
Супчык мяшае Яніна. 

Хай пракіпіцца крыху. 
Скажам у бок цьху-цьху-цьху, 
выключым, хай настаіцца. 
Праўда ж, мы – чараўніцы?!. 

Оракул П.В.: Хутка ў школу

Неўзабаве ў першы раз 
Ўвойдзеш ты ў свой першы клас. 
Будзеш там сядзець за партай, 
Гарады шукаць на картах, 
Вершы з “Буквара” вучыць, 
Спрытна палачкі лічыць. 

Пазнаёмішся ты ў класе 
З Машай, Галяй, Пашам, Васем. 
Разам добра есці кашу, 
І спяваць, і маляваць, 
Слухаць, што настаўнік скажа, 
І на вуліцы гуляць. 
А пра ўсё, што там пачуеш, 
Мне паштоўку намалюеш. 

Будзь уважлівай, дачушка, 
Будзь стараннаю, пястушка. 
Не лянуйся, не журыся, 
Стаць выдатніцай імкніся. 

І за гэта, Веранічка, 
Падару табе… сястрычку! 
 
Пераклад Алены Церашковай