МАРА
Красуй у прасторы вясновым,
Радзімая сэрцу зямля.
Сагрэтая сонцам і словам
Краіна-матуля мая.
Расквеціў лугі, пералескі
Цвіценнем і радасцю май.
Ляціце да воблакаў, песні.
Квітней, мой абуджаны край.
Хачу я ні многа, ні мала, —
Каб спраўдзіць надзею з надзей,
Каб ты, Беларусь мая, стала
Краінай шчаслівых людзей!
Леанід Пранчак
РОДНЫ КРАЙ
О мой любы родны край,
Ты — прыгожы, нібы рай.
І нідзе ў другіх краях
Шчасным быць не змог бы я.
Ніл Гілевіч
РАДЗІМА
Бор адвечны, рэк разлівы,
Залатыя горы-нівы,
Неба вольнае над імі, —
Гэта ўсё мая Радзіма.
Дом наш, ласкаю сагрэты,
Продкаў мудрых запаветы,
Мова, спеўная надзіва, —
Гэта ўсё мая Радзіма.
Курганы і абеліскі,
Спапялёных вёсак спіскі
І Чарнобыль за плячыма, —
Гэта ўсё мая Радзіма.
Мары смелыя на старце,
Пагранічнікі на варце,
Ясны свет перад вачыма, —
Гэта ўсё мая Радзіма.
Мікола Маляўка
МОЙ КРАЙ
Мая зямля, мой родны дом
Завецца Беларуссю.
Я знаю: пад тваім крылом
Заўсёды прытулюся.
У час трывогі і бяды
З табою мы адзіныя,
З любоўю шчыраю заўжды
Заву цябе Радзімаю.
Валерыя Бароўская
Зямля мая
Хлапчук з пабітымі каленцамі,
Па сцежках родных гойсаў я,
І ты здавалася маленькаю,
Мая, над Нёманам, зямля.
За жураўлямі рваўся ў вырай,
Не разумеў тады, малы,
Чаму з такой тугою шчыраю
Гучыць адлётнае «кур-лы».
Ад успамінаў вочы ясняцца
Цяпер, у век немалады,
Бо тут вясёлкі перавясялам
Спавіты лепшыя гады.
Не цешыць прыгажосць чужая,
Як свой куточак на зямлі,
Таму на лёс яны і жаляцца
Ў асеннім небе, жураўлі.
Здаецца, сам лячу над пожнямі,
Твой сын, вясёлы і ў журбе,
Я не змагу да дня апошняга
Адкрыць і ўсю спазнаць цябе.
Такая ты ў жыцці вялікая,
Мая, над Нёманам, зямля, —
Ад хаты матчынай пад ліпамі
Да неба з плачам жураўля.
Мікола Маляўка
Наш край
Наш край яснавокі —
З маленства любімы куток.
Тут слова і песні вытокі.
На карце — кляновы лісток.
На радасць жыві і на славу,
Ні гора, ні ліха не знай.
Стой мужна за верную справу,
Наш край!
Уладзімір Паўлаў
Адкрыццё
Нарэшце
Я таксама
Убачыў
Мірскі замак,
Нясвіжскі,
Навагрудскі…
А потым —
Пояс Слуцкі.
Гляджу зачаравана:
Уся аперазана,
Нібыта паясамі,
Стагоддзяў галасамі
Любімая Айчына.
Здаецца,
За плячыма
Я адчуваю
Крылы.
А вы
Свой край
Адкрылі?
Уладзімір Мазго
Радзіма
Жыццё падарыла нам дзіва:
Як ветрыку лёгкі павеў,
Аднойчы пачуеш — «Ра-дзі-ма…»
Пасля зразумееш — навек.
І будуць дарогі вяртацца
У той незабыўны куток,
Дзе ў квецені белых акацый
Жыцця твайго чысты выток,
Дзе змалку да болю знаёмы
І дрэвы, і твары людзей,
І роўнага болей якому
Ніколі не знойдзеш нідзе.
Мікола Пракаповіч
Радзіма
Я люблю цябе, Радзіма,
Мой прыгожы, мілы край.
Ад душы жадаю ўздыму —
Ты квітней і нас натхняй.
Можа, буду я далёка —
Не забуду родных слоў,
Спеў крынічкі, буслаў клёкат,
Шлях той, што вядзе дамоў.
Юля Ціхан
Радзіма
Дарагая спадчына —
Гэта ты, зямля мая,
Гэта мова матчына,
Без якой нямая я.
Лена Казючыц
Беларускія краявіды
Беларускія
Краявіды…
Перазвоны
Азёр і бароў.
Над палеткамі
Бульбы і жыта —
Песня
Велічных курганоў.
Гэта наша
Зямля дарагая,
Гэта нашы
Лугі і палі,
Над якімі
Спрадвеку лунае
Бусел —
Сімвал
Бяссмерця
Зямлі.
Анатоль Грачанікаў
Беларусь мая
Бягуць жыты за небакрай
А месяц — ягадны і ройны.
За наш духмяны каравай
Сягоння чалавек спакойны.
Зямлі багатыя дары,
І працаўнік адвеку дбайны:
Свае плугі і трактары,
Свае машыны і камбайны.
Над лесам неба ў жураўлях,
І ўвосень напрарочаць гусі
І новы дзень, і светлы шлях,
І росквіт мілай Беларусі.
Віктар Гардзей
Беларусь
Ад Нёмана да Сожа —
Так светла і прыгожа.
Дзе Нарач, Белавежа —
Гаюча так і свежа.
Суладна і супольна,
Гасцінна, хлебасольна.
І радасна на дзіва,
Бо гэта ўсё — Радзіма!
Уладзімір Мазго
Карта роднай Беларусі
Разглядаем
Мы з Марусяй
Карту
Роднай Беларусі.
Колькі сёл тут,
Гарадоў!
Колькі рэчак
І лясоў!
Вадаёмаў жа,
Азёраў
Быццам тых
На небе зорак.
Што й казаць:
Багаты край
І прыгожы —
Чым не рай?
Кастусь Жук
Наш родны край — прыгожы самы
Вядома ўсім, што вельмі шмат
Куткоў на свеце дзіўных.
Але не менш, а болей, брат,
Іх на тваёй радзіме,
У нашым краі дарагім,
У Беларусі роднай.
Не памяняешся ні з кім
Яе красою годнай.
Іван Муравейка