Все новости Контакты


 

Юрась Півуноў.  Зімовыя вершы

ЗАВЕЯ

Завея снежная чаруе 
Лугі, палеткі ды лясы, 
Бялюткай фарбай ўсё малюе 
І тчэ сняжынкай паясы. 

 

СНЕЖАНЬ

Снежань. Снежна…Снегіры… 
Сані шпарка ймчацца. 
Па узгорках ўздоўж ракі 
Завіруха скача. 
Зачаруе, замяце 
Ў лясах, лугавінах, 
Крупой снежнай сыпе ў твар, 
Бачны шлях адзіны… 

 

СНЯЖЫНКІ-ПАРАШУТЫ

Сняжынкі-парашуты 
Кружляюць за вакном, 
Спаміж самотных дрэваў 
Шукаючы спакой. 
Паверце, шлях няпросты 
З нябёсаў на зямлю — 
Стамлёны пух бялёсы 
Кладзецца на раллю. 
І стала белым поле, 
І лес па-над ракой — 
Сувой зімовы, снежны 
Снуецца над зямлёй. 

 

ВЯЧЭРНЯЯ РАПСОДЫЯ

Тонуць ў змроку вулачкі 
Гораду Старога. 
Гучыць ў паветры-холадзе 
Вячэрняя рапсодыя. 
Сусвету дзірка чорная 
Ўсё места* паглынае, 
Загадкава ўсміхаецца, 
Ласкава запрашае 
У вір касмічны кінуцца, 
Душы знайсці адхланне, 
Спазнаць пяшчоту Боскую 
І радасць, і каханне… 
—— 
*Места — у старажытнай Беларусі значыла “горад”.